25 верасня стартуе рэспубліканская акцыя "Моладзь за бяспеку!».
Яна прымеркавана да дня нараджэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных (БМГАВП). Асноўнай мэтай яе правядзення з'яўляецца папулярызацыя прафесіі, ведаў пра бяспеку і руху юных выратавальнікаў. Трохтыднёвая акцыя пройдзе ў 3 этапы. Першы этап стартуе 25 і будзе доўжыцца да 30 верасня. За першы тыдзень акцыі актывісты маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных і работнікі МНС пабываюць у дамах шматдзетных сем'яў, ветэранаў ВАВ, пенсіянераў, якія жывуць адны, і інвалідаў з мэтай дапамагчы ў бытавых пытаннях і пытаннях бяспекі.
Другі этап пройдзе з 2 па 6 кастрычніка ў сацыяльных прытулках, дамах-інтэрнатах, агульнаадукацыйных і іншых установах. Сваіх аднагодкаў хлопцы бліжэй пазнаёмяць з арганізацыяй, раскажуць пра дзейнасць юных выратавальнікаў і прадставяць пазнавальна-забаўляльную праграму, а работнікі МНС правядуць навучальныя заняткі па бяспецы жыццядзейнасці.
Мерапрыемствы трэцяга этапу выратавальнікі і іх юныя памочнікі правядуць у месцах масавага знаходжання людзей: цэнтрах дзіцячай творчасці, Палацах моладзі, кінатэатрах, актавых залах, дамах культуры, на адкрытых пляцоўках, парках і г.д. Усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у розных конкурсах і віктарынах, падрыхтаваных арганізатарамі акцыі. Праца з падрастаючым пакаленнем заўсёды лічылася адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці МНС. Гэтая акцыя - чарговы спосаб нагадаць пра тое, што культуру бяспекі варта выхоўваць з дзяцінства, а дзякуючы дапамозе юных выратавальнікаў гэтая мэта становіцца куды больш дасягальнай.